"Націск" (урок беларускай мовы ў 5 класе)

 

Тэма: Націск

Мэта: паглыбіць веды вучняў пра ролю націску ў словах;

узнавіць і развіць уменне адрозніваць націскныя і ненаціскныя склады; садзейнічаць выхаванню ўзаемапавагі і самапавагі.

Задачы:

Узгадаю:

-што такое націск;

Даведаюся:

- пра ролю і значэнне націску ў словах

Навучуся:

-правільна ставіць націск у словах;

-вызначаць націскныя і ненаціскныя склады.

Ход урока

І. Арганізацыйны этап.

 

ІІ. Матывацыйны этап.

Вучням прапануюцца наступныя прыказкі:

1) Што ведаеш, насіць не цяжка.

2) Ні жнец, ні шавец, ні ў дуду ігрэц.

3) Дзе розумам не дайду, дык у кніжцы знайду.

4) З кута ў кут – і вечар тут.

 

Н а с т а ў н і к. Давайце прачытаем прыказкі і паразважаем, якія з іх

возьмем з сабой на ўрок, а ад якіх адмовімся. (Разважанні вучняў.)

А я прапаную нам яшчэ адну прыказку:

Добрае слова даражэй за багацце.

Чаму? А таму, што сёння ў нас на ўроку дзве тэмы.

ІІІ. Этап паведамлення тэмы і вызначэння задач.

Н а с т а ў н і к. Першая тэма “Націск.

Давайце вызначым для сябе задачы ўрока па першым слове:

Узгадаю (што такое націск?)

Даведаюся (пра ролю і значэнне націску.)

Навучуся … (правільна ставіць націскі, вызначаць націскныя і ненаціскныя склады.)

А другая тэма так і гучыць: добрае слова даражэй за багацце. І я прашу

вас зноў вызначыць задачу па першых словах.

Заўсёды помніць… (пра добрыя адносіны адзін да аднаго.)

 

IV. Этап актуалізацыі апорных ведаў.

Н а с т а ў н і к. А зараз я прапаную нам успомніць матэрыял, неабходны

для паспяховай работы на ўроку.

          Франтальнае апытанне “Лато”.

1. Фанетыка – гэта…( раздзел навукі аб мове, у якім вывучаюцца гукі мовы)

2. Суадносіны паміж літарамі і гукамі вывучае… (графіка)

3. Літары – гэта…(графічныя знакі, якія служаць для абазначэння на пісьме гукаў мовы)

4. Што такое алфавіт? (усе літары, размешчаныя ў пэўным парадку)

5. Колькі ўсяго літар у беларускім алфавіце? (32)

6. Якіх літар няма ў беларускім алфавіце ў параўнанні з рускім?(ъ,щ)

7. Якая літара не абазначае гука? (ь)

8. Якім знакам перадаецца ў беларускай мове рускі цвёрды знак? (апострафам)

9. Якая літара ёсць у беларускім алфавіце, а адсутнічае ў рускім? (ў)

10. Як перадаюцца на пісьме гукі [дж] і  [дз]? (літарамі д і з, д і ж)

11. Што такое склад? (адзін або некалькі гукаў, якія вымаўляюцца адным штуршком паветра.)

 

Н а с т а ў н і к. Малайцы! Вы вельмі разумныя, старанныя і дасціпныя вучні? А хто ведае, што я вам толькі што адрасавала? Дарагія мае, гэта быў камплімент. Звярніцеся да тлумачальнага слоўніка і знайдзіце, што абазначае слова камплімент. (Вучні знаходзяць і зачытваюць са слоўніка значэнне слова.)

 

Камплімент. Пахвала каму-небудзь, сказаная з мэтай зрабіць прыемнае. (стар. 172)

 

Цудоўна, давайце ж гаварыць адзін аднаму кампліменты як мага часцей не толькі сёння на ўроку, але і ў жыцці.

 

V. Тлумачэнне новага матэрыялу.

1. Стварэнне праблемнай сітуацыі.

У адной кнізе я прачытала сказ.

 

На дзвярах замка няма замка.

 

Дапамажыце, калі ласка, зразумець, пра што ідзе гаворка ў сказе. Чым адрозніваюцца аднолькава запісаныя словы? У словах, якія пішуцца аднолькава, пастаўце правільна націск. Што такое націск?

Вучні чытаюць правіла ў падручніку на с. 18.

Звернемся да задач: якую задачу мы выканалі?

Малайцы! Вы вельмі ўважлівыя! Што я зноў вам адрасавала? Так, камплімент.

2. Назіранне.

Прачытайце словы, запісаныя на дошцы. Адкажыце на праблемнае пытанне: ці ўплывае націск на правапіс слоў?

По́-шта – па-што́-вы;

лес – ля-со́к, уз-ле́-сак;

вёс-ны – вяс-на́, вес-на-вы́;

стрэ́-хі – стра-ха́́.

– Што мяняецца ў напісанні слоў са зменай месца націску?

Вывад: ад націску залежыць правапіс галосных.

 

Н а с т а ў н і к. Малайцы, вы цудоўна справіліся з заданнем. Што я

зрабіла толькі што вам?

 

3. “Што на малюнку?”

– Запішыце, што вы бачыце на малюнку. Пастаўце націскі ў словах.

Крапіва́, ву́сы, вярба́, спі́на, стары́, камба́йнер, фарту́х, адзіна́ццаць.

– Ці супадаюць націскі з націскамі ў рускай мове? Прачытайце вывады ў падручніку.

 

Н а с т а ў н і к. Вы выдатна справіліся з заданнем!

 

VІ. Фізкультмінутка.

Той, хто лічыць сябе добразычлівым,

Падыміся!

Той, хто сяброў паважае,

Пакланіся!

Хто лічыць сябе шчаслівым,

З людзьмі падзяліся!

Хто да добрых ведаў імкнецца,

Падцягніся!

Хто сябру жадае дабра, прывітайся!

І хутчэй да кнігі, за парту

Вяртайся!

 

Н а с та ў н і к. Звернемся да задач, якія мы паставілі перад сабой на

пачатку ўрока. Якая з іх яшчэ рэалізавана?

 

VІІ. Замацаванне вывучанага матэрыялу.

1.     Работа па варыянтах.

Пастаўце націскі ў словах. Прадстаўнік першага рада запісвае словы на дошцы з націскам на прыстаўцы, другога – на корані, трэцяга – на суфіксе. Назавіце націскныя склады.

 Прыказка, почырк, клубок, просьба, каралева, недаробка,завязь, загадка, разведка, касілка, выгрузка, сняжынка, талерка, пяцёрка, абноўка, сувязь, подкуп, баравік.

Праверка задання: 

На прыстаўцы

На корані

На суфіксе

пры́казка

за́вязь

по́чырк

вы́грузка

су́вязь

по́дкуп

про́сьба

недаро́бка

зага́дка

разве́дка

тале́рка

абно́ўка

клубо́к

карале́ва

касі́лка

сняжы́нка

пяцё́рка

бараві́к

 

2. Самастойная работа з падручнікам (практ. 34).

 Запішыце назвы месяцаў года, размеркаваўшы іх па групах у залежнасці ад месца націску: а) першы склад; б) другі склад; в) трэці склад. Назва якога месяца мае адзін склад? Назавіце ў словах ‘верасень’, ‘кастрычнік’ і ‘лістапад’ ненаціскныя склады.

Сту́-дзень, лю́-ты, са-ка-ві́к, кра-са-ві́к, май, чэ́р-вень, лі́-пень, жні́-вень, ве́-ра-сень, ка-стры́ч-нік, ліс-та-па́д, сне́-жань.

Праверка задання: 

Першы склад

Другі склад

Трэці склад

Сту́́-дзень

лю́-ты

ма́й

чэр-вень

лі́-пень

жні́-вень

ве́-ра-сень

сне́-жань

ка-стры́-чнік

са-ка-ві́к

кра-са-ві́к

ліс-та-па́д

 

3. Заданне “Прыказкі”.

Запішыце прыказкі, пастаўце ў словах націскі.

Сам добры – людзі добрыя.

Шчыраму сэрцу і чужая болька колка.

– Назавіце літары, якія ўжываюцца ў словах людзі (эл, ю,дэ, зэ, і) і шчыраму (ша, чэ, ы, эр, а, эм, у). Як вы разумееце гэтыя выразы?

 

4. Гульня “Хто хутчэй?”

– Вызначце лексічнае значэнне выдзеленых слоў у наступных сказах. А мы робім кампліменты тым, хто адказвае.

1)    Рыбак налавіў рыбак.

2)    Каток выбег на каток.

3)    Баязлівец ад страху залез на страху.

4)    Піла вады не піла.

 

Н а с т а ў н і к. Дзеці, як вы лічыце, ці справіліся мы з задачамі, якія

паставілі перад сабой? (Адказы вучняў.) Пераканаемся ў гэтым, выканаўшы тэст.

 

VІІІ. Этап кантролю ведаў.

 

1. Тэст

1. Адзначце правільныя сцверджанні.

а) Націск – больш гучнае і працяглае вымаўленне аднаго са складоў слова.

б) Націскным можа быць толькі спалучэнне некалькіх гукаў.

в) Націскным называецца склад, які вымаўляецца адным штуршком паветра.

г) Склад і гук, на які падае націск, называецца націскным.

д) Ва ўсіх словах беларускай мовы месца націску супадае з адпаведнымі словамі рускай мовы

2. Адзначце словы з першым націскным складам.


а) падручнік,

б) сшытак,

в) пенал,

г) урок,

д) вучань.


3. Адзначце словы з трэцім націскным складам.


а) шчасце,

б) стараннасць,

в) дабрыня,

г) чалавечнасць,

д) справядлівасць.


4. У якіх словах няправільна пастаўлены націск?


а) Крапі́ва,

б) спіна́,

в) камба́йнер,

г) вусы́,

д) фарту́х.


2. Узаемаправерка тэста па ключы.

Ключ: 1. а, г;    2. б, д;    3. в, г, д;    4. а, г, б.

 

Н а с та ў н і к. Зрабіце сабе кампліменты за добрыя веды, якія вы

толькі што прадэманстравалі. Скажыце “Я добра папрацаваў і

атрымаў добрыя вынікі”.

 

ІХ. Падвядзенне вынікаў.

-Што такое націск?

-Для чаго націск служыць у  мове?

 

Х. Выстаўленне адзнак. Настаўнік выстаўляе адзнакі за работу на ўроку, каменціруе іх.

 

ХІ. Рэфлексія.

Раскажу вам невялікую прытчу. Нясуць тры чалавекі за плячыма ў мяхах каменне.

— Чым вы займаецеся? — спыталі ў іх.

— Цягну гэтыя праклятыя камяні, — злосна адказаў першы.

— Зарабляю сабе на хлеб, — стомлена прамовіў другі.

— А я будую храм, — радасна паведаміў трэці...

Пачуцці якога з гэтых трох чалавек адпавядаюць вашаму стану пасля сённяшняга ўрока? Чым для вас быў урок? Працай, пакінула толькі стому? Вы працавалі толькі дзеля адзнакі і пахвалы? А можа, вы будавалі храм? Зрабіце кожны свой выбар. (Вучні змяшчаюць фішкі на малюнку з грудай камянёў, грашыма і храмам.)

Мне асабіста ўдалося сёння пабудаваць храм. Але я ўзводзіла яго разам з вамі, закладваючы ў падмурак вашы веды і цудоўныя адказы. (Настаўнік змяшчае сваю фішку ля малюнка храма.)

ХІІ. Дамашняе заданне: §6, практ. 38, паўт. тэму “Тэкст. Прыметы тэксту” 

Популярные сообщения из этого блога

Мэты і задачы работы віртуальнага кабінета беларускай мовы і літаратуры