Верш М. Танка “Шчасце”

 

Тэма: Верш М. Танка “Шчасце”

Мэта: дапамагчы вучням спасцігнуць свет паэтычнага твора М. Танка, зразумець глыбіню філасофскай лірыкі.

Задачы: 1) даць уяўленне пра жанравую адметнасць філасофскай лірыкі праз ідэйна-мастацкі аналіз вобразных сродкаў верша;

2) садзейнічаць развіццю камунікатыўных навыкаў, навыкаў вуснага слоўнага малявання, аналітычнага мыслення, навыкаў работы са зместам мастацкага твора;

3) садзейнічаць выхаванню і фарміраванню жыццёвай пазіцыі, заснаванай на гуманістычных каштоўнасцях.

                                                             Эпіграф:

                                        Шчасце – гэта не жыццё без клопатаў і         

                                        засмучэнняў, шчасце – гэта стан душы.

                                                                                      ( З народнага.)

Ход урока.

І. Арганізацыйны момант. Стварэнне добразычлівай атмасферы.

Прыём “Тыя, хто…”

Настаўнік. Падыміце, калі ласка, левую руку тыя, хто сёння прачнуўся ў добрым настроі.

Падыміце, калі ласка, правую руку тыя, у каго восень – любімая пара года.

Падыміце, калі ласка, абедзве  рукі тыя, хто любіць нашу краіну.

Папляскайце, калі ласка, у далоні тыя, хто рады нашай сённяшняй сустрэчы.

Дзень добры ўсім!

ІІ. Праверка дамашняга задання.

1.    Праверка выразнага чытання верша У. Караткевіча “Беларуская песня”.

Узаемаправерка. Праца вучняў у парах. Узаемаацэнка.

2.    Выбарачны кантроль настаўніка.

ІІІ. Пастаноўка мэты і актуалізацыя ведаў.

1.    Уступнае слова настаўніка.

Настаўнік. Мы працягваем разглядаць адметнасці лірычных твораў. На мінулых уроках мы з вамі пазнаёміліся з вершамі грамадзянскага гучання.

 

КЛАСТАР

 


Інтымная                                                                   Пейзажная

 

 

 


ЛІРЫКА

 

 

 


Філасофская                                                            Грамадзянская

 

 

 


                                                Тэма радзімы        Лірычны герой -               

                                                                                       патрыёт

 

                                                 Гімн        Ода

 

Па аналогіі мы дапоўнім кластар пра адметнасці філасофскай лірыкі.

    На дошцы запісана тэма ўрока.

2.    Фармулёўка мэт і задач урока.

IV. Тлумачэнне новага матэрыялу.

1.    Праца з тлумачальным слоўнікам. Высвятленне значэння слова “філасофія”.

2.    Чытанне артыкула падручніка “Філасофская лірыка”. Запаўненне кластара. (Тэма – роздум над жыццём; лірычны герой асэнсоўвае свет)   

3.    Слова настаўніка.

 Сёння ў нас незвычайны ўрок. Урок пошуку сэнсу жыцця, пошуку сябе, пошуку шчасця. Мы будзем спрабаваць разважаць, летуценіць, даказваць сваю думку. Мы зразумеем, што “вечныя” пытанні быцця хвалявалі і хвалююць усіх людзей.

  На ўроку гаворка пойдзе пра паэтычны твор, у якім лірычны герой шукае адказ на “вечныя” пытанні: у чым  сэнс чалавечага жыцця? Для чаго чалавек прыходзіць на гэты свет? У чым сутнасць чалавечага шчасця?

 Мы паспрабуем адказаць на гэтыя пытанні, разважаючы над вершам Максіма Танка “Шчасце”.

4.    Работа ў групах.

 1-я група. Падабраць сінонімы да слова шчасце. Ключавое пытанне: “Што такое шчасце?” (Радасць, поспех, задавальненне, акрыленасць, узнёсласць)

 2-я група. Падабраць эпітэты да слова “шчасце”. Ключавое пытанне: “Якое яно, шчасце?” (Добрае, шчырае, бясконцае, вясёлае, зменлівае, неспадзяванае)

3-я група. Падабраць дзеясловы, якія характарызуюць слова “шчасце”. Ключавое пытанне: “Што дае шчасце чалавеку?” (Дапамагае, спадарожнічае, спрыяе, акрыляе, абнадзейвае, натхняе)

Агучванне вынікаў работы.

5.    Работа з тлумачальным слоўнікам.

Шчасце – 1. Стан поўнай задаволенасці жыццём; пачуццё найвялікшай радасці і задавальнення. 2. Удача, поспех у чым-небудзь. Шчаслівы выпадак. 3. Лёс, доля.

Шчаслівы – 1. Поўны шчасця; такі, якому спадарожнічаетпоспех, удача. 2. Такі, які прыносіць шчасце, удачу.

6.    Інтэрв’ю.

Настаўнік. Зараз прапаную вам адказаць на два пытанні: Як вы разумееце, што такое шчасце? Якога чалавека можна назваць шчаслівым?

Настаўнік. Дапоўніць вынікі нашага інтэрв’ю можна словамі рускага пісьменніка Льва Касіля, які пісаў: “Усе людзі хочуць быць шчаслівымі. Многа я чуў розных спрэчак пра шчасце. Адны гаварылі: “Сіла, здароўе – вось шчасце”. Другія не згаджаліся: “Багата жыць, усё мець – вось што такое шчасце”. Трэція спрачаліся: “Шчасце – гэта слава, каб цябе ўсе ведалі!” “Справу сваю ў жыцці добра ведаць – значыць шчаслівым быць”, - сцвярджалі многія. А іншыя дадавалі: “Галоўнае для шчасця – гэта чыстае сумленне, каб людзям ў вочы не сорамна было глядзець”.

7.    Работа над зместам верша М. Танка “Шчасце”.

Настаўнік. Цікава будзе цяпер параўнаць гэтыя разнастайныя думкі з тым, што мы можам прачытаць у вершы Максіма Танка “Шчасце” і вашай пазіцыяй.

А) Чытанне верша настаўнікам.

Б) Аналіз верша Максіма Танка.

ü З чаго на думку паэта складаецца шчасце? Запоўніце кластар, карыстаючысяпаэтычнымі вобразамі з верша “Шчасце”. (Групы запаўняюць кластар, агучваюць зробленае).

шчасцеасце

 

 

 

 

 

 

 

 


ü Як вы думаеце, што сімвалізуюць сабой вобразы, названыя ў вершы?

Хлеб і соль – сімвал жыцця, дабрабыту, гасціннасці.

Пот – сімвал сумленнай працы.

Дарожны пыл – сімвал руху, пошуку, незаспакоенасці чалавека.

Родны небасхіл – сімвал Радзімы.

Дружба – тое, што дапамагае быць моцным, упэўненым.

Песня – тое, што робіць жыццё вясёлым, грэе сэрца, захапляе хараством.

ü Сапраўды, без усяго гэтага шчасце немагчыма. Як вы думаеце, чаму пасля апошняга абзаца аўтар паставіў шматкроп’е?

ü З чаго яшчэ, на вашу думку, складаецца шчасце? Дапоўніце кластар сваімі паняццямі. (Групы дапаўняюць кластары, агучваюць зробленае.)

Настаўнік. У Танкавым разуменні шчасце – гэта гарманічнае спалучэнне зямнога і духоўнага пачаткаў. На думку паэта, чалавек не можа быць шчаслівым без свайго роднага краю, радасці бачыць блакітны небасхіл; не можа быць ён шчаслівы і без верных сяброў, самаадданай працы, імкнення да пошукаў.

    Верш “Шчасце” заканчваецца пытальным сказам:

                       Каб з чаго іншага скласці,

                       Дык ці было б яно шчасцем?

ü Чаму паэт так заканчвае свой твор? (Паэт запрашае кожнага задумацца, што такое шчасце, з чаго яно складаецца.)

8.    Асэнсаванне прачытанага, выпрацоўка свайгопогляду на шчасце (праца ў групах).

Настаўнік. Для таго, каб вы лепш асэнсавалі сказанае, я прапаную вам скласці свой уласны верш на тэму “Шчасце”, карыстаючыся словамі, запісанымі на пялёстках кветак. (Вучні складаюць сінквейн, агучваюць яго.)

    V. Падвядзенне вынікаў урока.

 Настаўнік. У заканчэнні нашага ўрока хачу звярнуць вашу ўвагу на эпіграф, запісаны на дошцы. Ці згодны вы з гэтым выказваннем? (Адказы вучняў.)

    VІ. Рэфлексія.

  Настаўнік. Паслухайце прытчу.

        Бог зляпіў чалавека з гліны, і застаўся ў яго руках невялікі камяк.

       Што яшчэ зляпіць табе? – спытаў Бог.

       Зляпі мне шчасце, – папрасіў чалавек.

    Нічога не сказаў Бог, толькі моўчкі паклаў чалавеку ў далонь лішні камяк гліны.

 

   Я спадзяюся, што сённяшні ўрок пакінуў добры след у вашай душы. Будзьце шчаслівымі, няхай у вас атрымаецца ўсё так, як вы жадалі. А жадаць чагосьці трэба, памятаючы і клапоцячыся не толькі пра сябе, але і пра тых, хто побач. Тады паселіцца шчасце ў кожнай хаце пад родным небасхілам.

VІІ. Выстаўленне адзнак, каменціраванне.

VІІІ. Дамашняе заданне:

1)   навучыцца выразна чытаць верш М. Танка “Шчасце” ці вывучыць на памяць (па жаданні);

2)   напісаць міні-сачыненне на тэму: “Шчасце чалавека. У чым яно?”;

3)   у вершаванай форме запісаць свае думкі і пачуцці, пачынаючы словамі: “Простае шчасце людское…”.

 

 

 

Популярные сообщения из этого блога

Мэты і задачы работы віртуальнага кабінета беларускай мовы і літаратуры