"Дружба - вялікая справа" (апавяданне А.Васілевіч "Сябры)"
Тэма: «Дружба – вялікая справа» (апавяданне А. Васілевіч «Сябры»)
Мэта: дапамагчы спасцігнуць ідэйны
змест твора, даць паняцце апавядання як літаратурнага жанра; развіваць уменні
цэласна ўспрымаць сюжэт, вызначаць паслядоўнасць падзей, выяўляць ключавыя
эпізоды, важныя для характарыстыкі герояў твора; ствараць умовы для выхавання ў дзяцей чуласці,
добразычлівасці, пачуццяў сяброўства і калектывізму.
Задачы:
1. Зразумець значэнне слоў “дружба”, “сябар”,
“таварыш”.
1. Акрэсліць ключавыя эпізоды, важныя для характарыстыкі герояў.
2. Зразумець, што прачытаны твор – апавяданне.
3. Вылучыць у тэксце лагічна завершаныя часткі.
4. Вызначыць, якімі рысамі характару павінен валодаць сапраўдны сябар.
Абсталяванне: партрэт пісьменніцы, відэазапіс інтэрв’ю,
карткі з заданнямі, малюнак далоні для рэфлексіі, плакат з кластарам.
Эпіграф:
Толькі сапраўдны друг
можа цярпець
слабасці
свайго друга.
(Уільям Шэкспір,
англійскі драматург)
ХОД УРОКА
І. Арганізацыйны момант. Стварэнне пазітыўнага
настрою.
– Добры дзень! Я вельмі рада вас бачыць.
– Падыміце правую руку тыя, хто сёння прачнуўся ў
добрым настроі.
– Падыміце левую руку тыя, каму падабаецца зіма.
– Усміхніцеся тыя, хто ішоў у школу з задавальненнем.
– Паапладзіруйце тыя, хто рад
нашай сённяшняй сустрэчы.
ІІ. Уступнае слова настаўніка. Мэтавызначэнне
– Сённяшнім урокам мы адкрываем вывучэнне раздзела «Чалавек — гэта цэлы
свет». Якая ёмкая фраза. Аб чым яна вам гаворыдь? (Выказванні
вучняў.)
– Змест раздзела складаюць эпічныя творы (апавяданні i аповесць), якія закранаюць розныя праблемы чалавечага жыцця, раскрываюць багацце i шматграннасць чалавечых
характараў. Мы будзем пазнаваць жыццё праз яго мастацкае адлюстраванне, спасцігаць
чалавечыя характары, далучыўшыся да чытання і аналізу літаратурных твораў. А
пачнём мы з апавядання Алены Васілевіч “Сябры”, якое вы павінны былі прачытаць
на сённяшні ўрок.
Настаўнік. Пра чалавечыя
ўзаемаадносіны складзена нямала прыказак. У мяне ёсць два канверты, у якіх
знаходзяцца вядомыя беларускія прыказкі. Праўда, хтосьці пажартаваў i разрэзаў прыказкі напалам, а
пасля яшчэ i ўсё пераблытаў. Але, думаю, для вас гэта не праблема. (Работа ў парах.)
Заданне: збярыце тэкст кожнай з шасці прыказак.
Той не можа быць другам |
а май сто сяброў. |
Не той друг, што мёдам мажа, |
хто ў бядзе абыдзе кругам. |
Птушка моцная
крыламі, |
а той, хто праўду скажа |
Раны гояцца часам, |
а чалавек дружбаю. |
Новых сяброў
нажывай |
а дружбаю гора. |
Не май сто рублёў, |
але старых не
забывай. |
Адказы:
Той не можа быць другам, |
хто ў бядзе абыдзе кругам. |
Не той друг, што мёдам мажа, |
а той, хто праўду скажа. |
Птушка моцная
крыламі, |
а чалавек дружбаю. |
Раны гояцца часам, |
а дружбаю гора. |
Новых сяброў
нажывай, |
але старых не
забывай. |
Не май сто рублёў, |
а май сто сяброў. |
Настаўнік.
–
Якой тэмай аб’яднаныя гэтыя прыказкі? Пра што будзе ісці гаворка на ўроку? Выберыце і адзначце на картках тыя
задачы, якія вы хацелі б вырашыць на сённяшнім уроку. (Вучні выбіраюць і агучваюць задачы.)
Задачы:
1. Зразумець значэнне слоў “дружба”, “сябар”,
“таварыш”.
2. Акрэсліць ключавыя эпізоды, важныя для характарыстыкі герояў.
3. Зразумець, што прачытаны твор – апавяданне.
4. Вылучыць у тэксце лагічна завершаныя часткі.
5. Вызначыць, якімі рысамі характару павінен валодаць сапраўдны сябар.
–
У беларускай мове ёсць словы
сябар, таварыш, прыяцель, дружба. Давайце высветлім іх значэнне. (Загадзя падрыхтаваныя вучні чытаюць
азначэнні слоў з тлумачальнага слоўніка.)
Сябар – 1) той, хто звязаны з
кім-небудзь сяброўствам; 2) прыхільнік, абаронца.
Таварыш – 1) Чалавек, блізкі
каму-небудзь па агульнасці поглядаў, дзейнасці, умовах жыцця. 2. Пры савецкай
уладзе зварот да грамадзяніна.
Прыяцель – блізка знаёмы чалавек, з якім
устанавіліся сяброўскія адносіны.
Дружба – блізкія адносіны, заснаваныя на
ўзаемным даверы, павазе, супольнасці інтарэсаў.
Настаўнік.
–
Каго мы называем сябрам? З кім
можна сябраваць?
–
Якія рысы характару вы больш
за ўсё цэніце ў сябру?
–
Давайце параўнаем нашы
меркаванні з меркаваннямі дарослых
людзей.
Дэманструецца
відэазапіс інтэрв’ю.
Настаўнік.У якой ступені вы згодны з
гэтымі выказваннямі?
ІІІ. Вывучэнне новага матэрыялу.
1. Знаёмства з пісьменніцай.
Настаўнік. А зараз
давайце звернем нашу ўвагу на партрэт Алены Васілевіч. Паглядзіце ўважліва на
партрэт сталай жанчыны з загадкавай ўсмешкай на вуснах. Яе твар свеціцца
дабрынёй. Можа, менавіта таму ў сваіх творах яна любіла звярнуць увагу чытача
на такія вечныя пытанні, як чуллівасць і спагадлівасць.
Нарадзілася пісьменніца ў 1922 годзе ў
вёсцы Ліпнікі Слуцкага раёна. Сваё жыццё звязала з літаратурнай дзейнасцю.
Галоўная тэма творчасці Алены Васілевіч –
гэта праблемы сям’і, выхаванне дзяцей, маральна-этычныя праблемы сучаснасці.
Шмат Алена Васілевіч пісала для дзяцей. Яе казка “Калінавая рукавічка” ўвайшла
ў беларускую дзіцячую класіку.
2. Работа па творы.
Настаўнік.
–
Якія вашы ўражанні ад прачытанага
твора?
–
Назавіце галоўных герояў твора. (Лёня Саўчанка і Грыша Міхневіч)
–
Як вы думаеце, чаму сябравалі
хлопцы? (Яны сядзелі за адной партай,
жылі на адной кватэры, дапамагалі адзін аднаму.)
–
Аднойчы на ўроку алгебры ўзнікла
сварка паміж хлопцамі. Прачытаем па ролях гэты ўрывак і адкажам на пытанне:
якія рысы характару выявіліся ў гэты момант у Грышы? (Самаўпэўненасць, насмешка з Лёні.)
–
Самая страшная гісторыя здарылася па дарозе дадому (хлопцы
жылі ў суседняй вёсцы, а вучыліся ў мястэчку, дзе здымалі кватэру). Перакажыце падрабязна гэты эпізод (акцэнтуецца
ўвага на дыялогах, якія дапамагаюць раскрыць характары герояў).
–
Выкажыце сваё стаўленне да
кожнага з герояў? Як бы вы павялі сябе на іх месцы?
IV.
Фізкультхвілінка.
У розных кутках класа ці па перыметру (пажадана на розных
узроўнях, на вышыні 2—3 метраў, можна i на столі) настаўнік загадзя павінен павесіць карткі з
літарамі А, В, Д, Е, Н, П, Н, Я. А, А, Н. У
ходзе выканання размінкі настаўнік павінен кіраваць працэсам: «Паглядзіце
направа, знайдзіце літару, а цяпер налева, наверх i г. д.». У выніку выканання гэтага задання вучні павінны
прачытаць слова АПАВЯДАННЕ.
– Якое
слова атрымалася? Якім чынам яно звязана з тэмай урока? (Жанр твора, які зараз вывучаем,
– апавяданне.)
V. Тэорыя літаратуры.
1.
Работа з кластарам.
–
Ці вялікі гэты твор па памерах?
–
Колькі падзей апісваецца ў творы?
–
Колькі герояў дзейнічае ў творы?
–
Што займае галоўнае месца ў творы?
–
Колькі часу
займае дзеянне?
–
Ад чыёй асобы
вядзецца аповед у творы: ад імя аднаго з герояў твора, ад пісьменніка, які
з’яўляецца ўдзельнікам падзей, ці ад аўтара, які назірае за падзеямі
збоку?
2.
Праца з тэарэтычнымі пытаннямі.
–
Якое здарэнне ляжыць у аснове апавядання “Сябры”? (Пакрыўджаны на сябра Грыша не пачакаў Лёню па
дарозе дадому, той заблукаў у цёмным лесе, а пасля гэтага захварэў.)
–
Перакажыце апошні эпізод твора. Аб чым ён вас
прымусіў задумацца? Ці правільна
павёў сябе Лёня?
–
Любое класічнае апавяданне мае мае завязку,
развязку. А як называецца самы напружаны момант твора? (Кульмінацыя.)
–
Вызначце завязку, кульмінацыю і развязку апавядання
А. Васілевіч “Сябры”. (Урок алгебры –
дарога дадому, Лёня заблукаў – прыход Грышы да хворага Лёні.)
3.
“Пераблытаны план”
Настаўнік.А цяпер давайце замацуем нашы веды, размясціўшы
пункты плана ў патрэбнай паслядоўнасці. (Работа
ў групах.)
План
ü На ўроку алгебры.
ü Грыша і Лёня – сябры і аднакласнікі.
ü Трывога бацькоў.
ü Здарэнне ў лесе.
ü Хвароба. Прыход Грышы.
ü Пошукі Лёні.
Адказы: 2, 1, 4, 3, 6, 5.
ü Грыша і Лёня – сябры і аднакласнікі.
ü На ўроку алгебры.
ü Здарэнне ў лесе.
ü Трывога бацькоў.
ü Пошукі Лёні.
ü Хвароба. Прыход Грышы.
4. “Я
выбіраю...”
Настаўнік.Нагадаю, што калі мы пачыналі
працу над апавяданнем, я прапанавала вам падумаць над пытаннем “Што значыць
быць сапраўдным сябрам?” Каб лягчэй было адказаць на гэтае пытанне, раздам вам
карткі са словамі.
І варыянт. Выберыце і падкрэсліце тыя словы, якія трэба
браць з сабой у жыццёвую дарогу сапраўдным сябрам.
ІІ варыянт. Выберыце і падкрэсліце тыя словы, якія не трэба
браць з сабой у жыццёвую дарогу сапраўдным сябрам.
Дабрыня, узаемадапамога,
спрэчка, зайздрасць, спагада, чалавечнасць, справядлівасць, шчырасць, смеласць,
чуласць, уменне дараваць, няшчасце, падман, узаемапавага, давер, дрэнны
настрой, крыўда, карысць, ганарыстасць, самаўпэўненасць, несправядлівасць,
палахлівасць, няўважлівасць, шкадаванне.
Адказы:
І. Дабрыня, узаемадапамога, спагада, чалавечнасць, справядлівасць,
шчырасць, смеласць, чуласць, уменне дараваць, узаемапавага, давер, шкадаванне.
ІІ. Спрэчка, зайздрасць, няшчасце, падман, дрэнны настрой, крыўда,
карысць, ганарыстасць, самаўпэўненасць, несправядлівасць, палахлівасць,
няўважлівасць.
–
Дык што ж такое быць сапраўдным сябрам?
5.
Тэставы зрэз.
1.
Лёня i Грыша вучыліся:
а) у пятым класе;
б) у адным класе;
в) у шостым класе;
г) у дзявятым класе.
2.
Грыша трос
Лёню за чуб i прыгаворваў:
а) «Без клёпак у галаве»;
б) «Эх ты, галава — два вухі»;
в) «Дурную галаву шапкай не
закрыеш»;
г) «Шмат будзеш ведаць —
галава аблезе».
3.
Грыша меў у
сваім характары дрэнную рысу:
а) часта крыўдзіўся
на аднакласнікаў;
б) думаў, што толькі яму выдатныя адзнакі ставяць па
заслугах;
в) спісваў
дамашнія заданні;
г) любіў скардзіцца.
4.
Грыша пакрыўдзіўся
на сябра з-за таго, што Лёня:
а) не
пачаставаў яго цукеркамі;
б) ударыў
Грышу кулаком;
в) атрымаў
па кантрольнай «5», а Грыша — «4».
г) перасеў
ад Грышы за iншую парту.
5.
Дарога
дадому ў суботу для хлопчыкаў была сапраўдным
выпрабаваннем, таму што:
а) ужо
сцямнела;
б) на хлопцаў
напалі бандыты;
в) яны ішліi пад гару;
г) запалкі i смалякі былi толькі ў ранцы Грышы, да таго ж
Лёня кульгаў,
хутка стамляўся.
6.
Грыша не дапамог сябру ў
дарозе. Лёня заблукаў i трапіў:
а) у пастку;
б) у балота;
в) назад у вёску, дзе кватаравалі;
г) у горад.
7.
Па дарозе
дадому Лёня адстаў ад Грышы. Пры гэтым ён адчуваў:
а) радасць; в)
страх;
б) сорам; г) ганарлівасць
8. Па словах маці, Грыша прыйшоў
дамоў вельмі сумны, не еў.
Прычына
гэтага:
а) пачуццё
сораму за свой ганебны ўчынак;
б) хлопец перажываў толькі з-за чацвёркі па алгебры;
в) у душы ён ужо раскаяўся, што кінуў сябра аднаго ў
лесе;
г) яму было шкада паламанага дрэўца.
9. Лёня захварэў на:
а) запаленне лёгкіх; в) ангіну;
б) сухоты; г) адзёр.
10. Аднойчы Грыша прыйшоў наведаць хворага сябра. Бацька
звярнуўся да яго са словамі:
а) «Праходзь, брат, распранайся ды раскажы, якія вы ўpoкi там без яго
прайшлі;
б) «Бач, які
ты зараз добры зрабіўся»;
в) «Што
было, тое быллём парасло...»;
г) «Ідзі адсюль i больш не хадзі да Лёнькі».
6. Узаемаправерка.
Адказы
(запісаны на дошцы):
1 – б,
2 – б,
3 – б,
4 – в,
5 – а,г,
6 – б,
7 – в,
8 – а,в,
9 – а,
10 – а,в.
VІ. Рэфлексія “Рука
сябра”.
Дзеці на альбомных лістах абводзяць
сваю руку. Прапаноўваецца на намаляваных пальцах надпісаць свае добрыя якасці,
а пасля свой малюнак падарыць таму, з кім хацеў бы пасябраваць у класе. Нельга
дарыць далонь таму, з кім ужо сябруеш.
VІІ. Падвядзенне вынікаў урока.
–
Наколькі ўрок прымусіў вас задумацца аб тым, што “дружба
– вялікая справа”?
–
Ці заўсёды вы з’яўляецеся сапраўдным сябрам?
VІІІ. Выстаўленне і каменціраванне
адзнак.
ІХ.
Дамашняе заданне: падрабязна пераказаць адзін з эпізодаў (на выбар вучняў)