Лексічнае значэнне слова

 

Тэма: Лексічнае значэнне слова

Мэта: пазнаёміць вучняў з паняццямі “лексіка”,  “лексічнае значэнне слова”; выпрацоўваць уменне адрозніваць словы і прадметы (прыметы, дзеянні, колькасці, якія гэтымі словамі называюцца), раскрываць значэнне слова рознымі спосабамі, адрозніваць граматычнае і лексічнае значэнне слова; вызначаць лексічнае значэнне слоў у тлумачальным слоўніку і ў тэксце; спрыяць папаўненню слоўнікавага запасу вучняў, ужыванню слоў ва ўласным маўленні ў адпаведнасці з іх значэннем.

Задачы: замацаваць веды па тэме “Лексічнае значэнне слова”; развіваць творчае мысленне, памяць; выхоўваць пачуццё адказнасці, выхаванне самастойнасці, супрацоўніцтва, камунікатыўнасці.

Тып урока: вывучэнне новага матэрыялу.

Абсталяванне: камп’ютар, мультымедыйная ўстаноўка, карткі з заданнямі, падручнікі Беларуская мова: вучэб. дапам. для 5-га кл. агульнаадук. устаноў з беларус. і рус. мовамі навучання. У 2 ч Ч. 2 / В.П. Красней і інш. – Мінск: Нац. ін-т адукацыі, 2008. – 160 с.: іл.;  

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы / А.Я. Баханькоў, І.М.Гайдукевіч, П.П.Шуба. – 1-е выд., перапрац. і дап. – Мн.: Нар. асвета, 1990. – 396 с.

Праграмнае забеспячэнне: Word, Power Point

 

Ход урока

І. Арганізацыйны момант.

Знаёмства вучняў з тэмай і мэтай урока, пастаноўка задач (Слайды 1, 2, 3).

ІІ. Паўтарэнне вывучанага матэрыялу.

Слайд 4.

Запішыце словы, устаўляючы прапушчаныя літары. Растлумачце іх напісанне.

Г…лас, г…рады, з…лень, л…снік, ц…мнаваты, в…сем, вас…мнаццаць, пра…да, аквары…м, паўночна-…сходні.

ІІІ. Тлумачэнне новага матэрыялу.

1.        Вусная работа.

Прачытайце загадкі. Адгадкі запішыце ў сшыткі. (Слайды  5, 6, 7, 8)

 

***

Сінявокая кветка

У полі расце.

Падабаецца дзеткам

І радасць нясе.

 

***

На тонкай ножцы ён стаіць,

Цэлы дзень звініць, звініць, звініць.

 

***

Стаіць у лузе кучарашка,

Бялюткі Ваня ці Наташка?

Якое сэрца залатое!

Скажыце, што гэта такое

 

***   

 На зялёнай тонкай ножцы

Вырас шарык на дарожцы.

Вецярочак прашуршаў

І развеяў гэты шар.

Адказы: званочак, дзьмухавец, рамонак, васілёк.

 

        Скажыце, як вы знайшлі правільныя адказы? Што дапамагло вам?

 

2.        Слова настаўніка.

– Сёння мы з вамі пазнаёмімся з паняццем “лексіка”, “лексічнае значэнне слова”

    Лексіка – гэта ўсе словы мовы, яе слоўнікавы склад. Слова лексіка паходзіць ад грэчаскага лексіс, што азначае слова, выраз  (Слайд 9).

    Слова – асноўная адзінка мовы. Словамі мы называем розныя прадметы, з’явы, прыметы, дзеянні. Так слова хвоя  (Слайд 10) абазначае від хваёвага дрэва.

        Ці мае значэнне спалучэнне тых жа гукаў яовх? (… вядома, не мае).

        Значыць, важнейшай прыметай слова з’яўляецца яго значэнне. Без яго няма і

слова. Словы бываюць самастойныя і службовыя. Кожнае самастойнае слова мае лексічнае значэнне (Слайд 11), г.зн. абазначае пэўны прадмет, прымету або дзеянне. Лексічнае значэнне раскрываецца ў тлумачальных слоўніках.

     Слоўнікі – гэта даведнікі, якія складаюцца са слоўнікавых артыкулаў .

3.        Работа са слоўнікавым артыкулам. 

Слайд 12. 

    На дошцы  табліца са слоўнікавым артыкулам, яго асноўнымі часткамі:

1)        загаловачнае слова;

2)        граматычная характарыстыка;

3)        лексічнае значэнне слова;

4)        прыклады.

Дуброва, -ы, ж. Дубовы гай; лісцевы лес наогул. Непадалёк ад вёскі высілася старая дуброва.

4. Работа з тэкстам.

    Прачытайце верш Уладзіміра Караткевіча “Зімовы лес” (Слайд 13).

Зімовы лес

Зімовы лес –
Крыштальны сад
У звоне промняў заінелых.
Сняжынак свеціцца пагляд
На галінках белых-белых.

Ліецца ціхае святло
Ў ранішнім спакою.
Яно паўнеба абняло
Ласкай незямною.

І ціш баяцца скалыхнуць
Вятры за небакраем.
І я баюся
ўздыхнуць –
Сэрца замірае.

        – Часта мы ведаем слова, але растлумачыць, што яно значыць, мы не можам. Паспрабуем гэтаму навучыцца.

         Якая тэма верша верша, які мы пачулі? (Лес.)

        А што такое – лес? (Дрэвы.)

        Дзеці, каля майго дома растуць тры дрэвы – гэта лес? (Не, павінна быць многа дрэў.)

        На просеках бывае многа спілаваных дрэў – гэта лес? (Не, павінны быць жывыя дрэвы.)

        А дзе павінны расці дрэвы? (На вялікай прасторы зямлі.)

        Вось так, прайшоўшы па сэнсавай лесвіцы, мы ўзыходзім на вяршыню лексічнага значэння. Лес – гэта мноства дрэў, якія растуць на вялікай прасторы.

       А цяпер прыклад больш складаны. Што расце ў лесе? У лесе растуць клёны, бярозы, хвоі, елкі.

– Што агульнага паміж гэтымі прадметамі? (Дрэвы.)

        Якія вы бачыце віды дрэў? (Лісцевыя, хваёвыя.)

        Чым адрозніваецца бяроза ад клёна? (Ствалом, лісцямі.)

         Хвоя ад елкі? (Іголкамі, формай.)

        Карыстаючыся адным са спосабаў тлумачэння лексічнага значэння, складзіце слоўнікавы артыкул пра дрэва, якое вам падабаецца больш за ўсё.

        Паспрабуем стварыць слоўнікавы артыкул на слова “бяроза”.

 

     Слайд 14.

Бяроза, -ы, ж. лісцевае дрэва з белым ствалом. 

    – Складзіце і запішыце словазлучэнні са словам бяроза.

    Спосабы раскрыцця значэнняў бываюць самыя розныя: (Слайды  15, 16, 17, 18)

-          апісальны – значэнне слова падаецца апісальна: дрэва – шматгадовая расліна з цвёрдым ствалом і галінкамі;

-          сінанімічны – шляхам падбору слоў, блізкіх па значэнні: барвовы – чырвоны, пурпуровы;

-          значэнне словы вытлумачваецца праз радавое паняцце (больш агульнае): штанга – спартыўны снарад, металічны стрыжань з грузам на канцы;

-          значэнне слова раскрываецца з дапамогай аднакаранёвых слоў: срэбраны – зроблены з срэбра.

 

4.        Работа з табліцай (Слайд 19).

 

Слова

Лексічнае значэнне слова

Граматычнае значэнне слова

Альбом

Кніга або сшытак для фотакартак, малюнкаў, вершаў

Назоўнік адзіночнага ліку, мужчынскага роду, назоўнага склону

Бадзёры

Поўны сіл, энергіі, дзейснасці

Прыметнік адзіночнага ліку, мужчынскага роду, назоўнага склону

Нясе

Перамяшчае разам з сабой што-небудзь або каго-небудзь

Дзеяслоў адзіночнага ліку, цяперашняга часу, трэцяй асобы

 

        Разгледзьце табліцу і скажыце, што такое граматычнае значэнне слова. Прачытайце вывады ў падручніку (стар. 53).

IV. Фізкультхвілінка.

 

V. Замацаванне.

1. Калектыўная работа. (Слайд 20)

    Знайдзіце слова па лексічным значэнні, запішыце.

 Памятны падарунак – …

Артыстка балета, танцоўшчыца – …

Шкляная пасудзіна з вадой для рыб, водных жывёл і раслін – …

Гарадская падземная электрычная дарога – …

Круглае акно ў борце самалёта, касмічнага карабля – …

Чарцёж зямной паверхні або зорнага неба – …

 

 

 

2. Работа з тэкстам. (Слайд 21)

    Прачытайце жартоўны верш Рыгора Барадуліна. Чаму ўзнікла непаразуменне? Чаму важна ведаць дакладнае значэнне слоў?

 

Акула ў акуліста


Прыплыла

Акула ў клініку,

Патрабуе ганарыста:

        Акуліста мне!

Акуліст

глядзіць на хворую

і спакойна прыгаворвае:

– Вы, няйначай,

Шмат рыбачыце

І таму вось

Кепска бачыце.

Тут акулу скаланула,

Ледзь яна

Не заглынула

Акуліста з алфавітам,

Алфавітам самавітым…

        Бачу ўсё ў вадзе,

На дне.

Глухнуць стала я

Ад гулу.

Слых, прашу,

Праверце мне…

Я ж лічыла,

Акуліст –

Для акул – спецыяліст.


 

Заданне:

1) запішыце значэнне слова акуліст. Як вы думаеце, чаму гэта слова мае адно значэнне?

 Акуліст, -а, М. –сце, м. Урач, спецыяліст па хваробах вачэй (Слайд 22).

2) зрабіце фанетычны запіс слова хворую (Слайд 23).

 

3. Хвіліна адпачынку (Слайды 24, 25, 26)

– Адгадайце рэбусы, растлумачце лексічнае значэнне слоў.

Адказы: тата, ліса, грак.

 

4. Самастойная работа.

    Запішыце, выкарыстоўваючы адно са слоў, што ў дужках.

1.        На ўсходзе ружавела (серабрыстая, сярэбраная) палоска неба. 2. На стале ляжала

(серабрыстая, сярэбраная) лыжка. 3. На (ветравое, ветранае) шкло машыны ўпалі першыя кроплі дажджу. 4. Сёння выдаўся (ветраны, ветравы) дзень.

Вызначце лексічнае і граматычнае значэнне слоў ружавела, неба. Зрабіце

сінтаксічны разбор трэцяга сказа.

 

VІ. Падвядзенне вынікаў урока.

    – З чаго складаецца наша мова? Што такое лексіка? … лексічнае значэнне слова? … граматычнае значэнне слова? Якія ёсць спосабы тлумачэння слоў? Якое прызначэнне тлумачальнага слоўніка? Як адзначаецца ў ім значэнне слова?

 

VІІ. Рэфлексія.

    – Назавіце два словы адной часціны мовы, з дапамогай якіх можна даць ацэнку

вашай працы на ўроку.

 

VІІІ. Дамашняе заданне (на выбар):

1)        §15, практ. 96

2)        Напісаць міні-сачыненне “У лесе зімой”

Популярные сообщения из этого блога

Мэты і задачы работы віртуальнага кабінета беларускай мовы і літаратуры